November 23rd, 2006

mixer

Першая



100 гадоў таму ў Вільні пачала выходзіць беларуская газэта “Наша Ніва”. Дзесьці праз 94-ы гады зь цікавасьці набыў у шапіку нумар адноўленай НН. Першае найбольш моцнае ўражаньне – мяккія знакі ўсюды, усё па-беларуску. Тым самым, як мне падалося, выданьне дэманстравала сваю антырасейскасьць :) Чытаць на тарашкевіцы было складана. Вырашыў, газэта друкуецца тым жа правапісам, як і 90 гадоў таму. Гэта абурала, бо “мова разьвіваецца, зьмяняецца”, а яны застылі дзесьці там. Што ж было ў тым нумары? Памятаю толькі на першай старонцы інтэрвію Шарэцкага й усярэдзіне нейкі рэпартаж Зьмітра Бартосіка, астатняе здаецца не чытаў. 

У лютым 2001-га я зноў набыў чарговы нумар НН. І тут пачалося: ён быў перачытаны цалкам, некаторыя тэксты двойчы. Хацелася як мага хутчэй атрымаць новы. Можна сказаць, я адкрыў для сябе новую сыстэму каардынат. Менавіта дзякуючы НН пачаў цікавіцца беларускай культурай. Захапляла ўсё: зьмест, здымкі, вёрстка. 

Газэта (больш, чым газэта!) выходзіла ў панядзелкі, аднак у магілёўскія шапікі трапляла чамусьці ў серады. І толькі ў краму на Болдзіна дастаўлялі ў аўторкі, часам я нават пасьпяваў яе там набыць перад урокамі. А калі не пасьпяваў, то ў сераду пачыналася сапраўднае паляваньне – мог абысьці да сямі шапікаў, каб атрымаць чарговы нумар. Былі выпадкі, што заставаўся без любімага выданьня, а значыць псаваў сабе настрой на ўвесь дзень. 

Сёньня, на жаль, той апантанасьці няма. НН для мяне цяпер газэта, а ня “больш, чым газэта” ;)