May 23rd, 2006

mixer

Пад каштанам

— Цыгарэт ня будзе? – спытаў мяккі жаночы голас, калі я сядзеў сёньня адзін на лавачцы пад каштанам, адпачываючы ад сьпёкі.

Падымаю галаву й бачу перад сабою цыганку. Хутка буркую у адказ:

— Не, не палю.

Падалося, што незнаёмка адчапілася, на нейкі момант я зноў расслабіўся. У галаве пранесьліся розныя гісторыі пра гіпнозы з выманьваньнем грошай, расповеды пра тое, як спраўджваліся прадказаньні цыганак. Згадваю колькі цяпер у маім кашальку – 10 тыс., гэта крыху супакойвае, хаця й з такой сумай разьвітвацца ня хочацца.

– У каханьні табе не шанцуе, – зноў пачуў голас цыганкі, яна была ўсё яшчэ побач і адыходзіць ад мяне не зьбіралася.

Стала не па сабе – ведаць сваю будучыню ці “будучыню” ніколі не жадаў.

– Але будзе тая адзіная каханая й зь ёю ў цябе будзе ўсё добра, – працягвала жанчына. – Асьцерагайся белага сябра, – дадала яна. – Хочаш раскажу, што будзе 30-га чысла?

Не пасьпеў адказаць, як цыганка пачала прасіць грошы. Пасьля шматлікіх адмоваў яна нарэшце пайшла далей.

З.Ы. Сёньня мой “белы сябар” лёг у шпіталь.