May 17th, 2006

mixer

Вакол флэшмобу


16, originally uploaded by oldmah.

16-га траўня ў Магілёве прайшоў флэшмоб з нагоды традыцыйнага Дня беларускай салідарнасьці. “Па просьбах чытачоў” расказваю пра падзею больш падрабязна.

Акцыя на Гандлёвай плошчы мелася распачацца а 20:30. Ля Дому шчасьця я быў а 20:27 і спачатку разгубіўся: у якім менавіта месцы будзе заяўлены флэшмоб, бо ў розных частках плошчы знаходзіліся шматлікія групкі людзей. У вочы адразу кінулася згуртаваньне моладзі за помнікам на супрацьлеглым баку плошчы, але падумаў, што занадта там людзей для акцыі. Пайшоў у левы бок, каб зблізку разгледзіць больш дробныя групкі, але ўсё ня тое – народ піў піва. І вось нарэшце я апынуўся каля самай вялікай групы. Гляджу. Моладзь са значкамі “За Свабоду”, агулам каля дваццаці чалавек. Знайшоў! Значыць тут будзе флэшмоб.

Празь некалькі хвілінаў “флэшмоберы” заварушыліся й пайшлі бліжэй да “пярэнчаў” плошчы, да месца акцыі падцягнуліся яшчэ каля дзесяці ўдзельнікаў. На мармуровых плітах, на якіх у гэты час магілёўцы звычайна п’юць піва, пачалі зьяўляцца запаленыя сьвечкі, некалькі чалавек дасталі фатакамэры й пачалі здымаць. Трое хлопцаў, якія побач “адпачывалі”, падышлі да нас, адзін зь іх пацікавіўся, што ж тут адбываецца. У адказ дзяўчына ветліва распавяла пра Дні салідарнасьці, якія штомесяц 16-га чысла праводзяцца ў Беларусі й за яе межамі. Кароткі дыялёг завершыўся тым, што “гледачы” папрасілі некалькі налепак “За Свабоду”. Між тым, колькасьць сьвечак працягвала павялічвацца, некаторыя “флэшмоберы” фоткаліся на іх фоне.

На акцыі панавала спакойная атмасфэра, нішто і ніхто не замінаў яе ўдзельнікам. Ніводнага міліцыянта заўважана не было.

Прыкладна праз 15 хвілін ад пачатку флэшмобу некаторыя яго ўдзельнікі пачалі разыходзіцца. Яшчэ некаторы час я пастаяў ля сьвечак і таксама пайшоў дамоў. Пакуль ішоў да аўтобуснага прыпынку, на вочы пэрыядычна трапляліся значкі “За Свабоду”.

Аўтобус спусьціўся па Дняпроўскаму спуску й збочыў на мост. Ужо амаль сьцямнела, я ўзьняў вочы на плошчу й, крыху зьдзівіўшыся, убачыў сьвечкі – яны ўсё яшчэ гарэлі.

З.Ы. Калі дзе яшчэ зьявіцца інфа ці фоткі з магілёўскага флэшмобу – напішыце ў комэнты. Дзякуй.