Канцэрту Макартні на Майдане папярэднічала паездка амаль з дэтэктыўнай гісторыяй.
Раніца ў купэйным вагоне цягніка “Менск – Кіеў”. Да сталіцы Ўкраіны паўтары гадзіны. Некаторыя пасажыры яшчэ сьпяць, іншыя п’юць кавучай. Раптам у калідоры пачынаецца мітусьня, людзі зацікаўлена перамаўляюцца, хтосьці хіхікае. Далей распавядае пасажырка Таня: “Выходжу з прыбіральні й адчуваю моцны пах гаўна. Чарга, якая яшчэ пяць хвілінаў таму была ля дзьвярэй, кудысьці зьнікла. У калідоры сьмярдзела больш, чым у самой прыбіральні. І тут насупраць я заўважаю кучу ля сьметніцы.” Пакуль пасажыры абмяркоўваюць абставіны здарэньня, якое яны назвалі “біятэрактам”, разьюшаны праваднік ломіцца ў прыбіральню. Там, як мяркуецца, хаваецца “злачынца”. Праз хвілінаў дзесяць ён урэшце здаецца.
* * *
Дарога назад. Душны, цалкам запоўнены пляцкартны вагон. Публіка падабралася калярытная – моладзь з майкамі "Дякую тобі, Боже, що я не москаль", сямья з таксай, былыя хіпі, дзядзька гадоў пяцідзесяці ў вобразе Джона Ленана. Па калідоры бегае цётка зь ліхтарыкамі, птушкамі ды іншымі сувэнірамі, яна ж прапаноўвае усім паслугі мянялы. Непадалёк ад мяне сядзяць дзьве разгаворлівыя пасажыркі – 53-гадовая ўкраінка й 67-гадовая беларуска ў халаціку. Іхная размова ўжо дайшла да алігархаў. “У Беларусі, я чула, алігархаў няма.” “Так. Але быў у нас раней адзін, ён у Амэрыку зьехаў. Пазьняк.”